14.12.2018
пятница

Культура

НА КРЫЖЫ

НА КРЫЖЫ Урывак з аповесці
28 чэрвеня — 75 гадоў як не стала Янкі Купалы. Ягоная смерць у гатэлі «Масква», дзе ён зляцеў у лесвічны пралёт, дасюль загадка. Разгадаць яе ў рэальным свеце, колькі разоў ні спрабаваў я гэта зрабіць, мне не ўдалося. І мяркую, што наўрад ці ўдасца некаму іншаму. Цяпер я нават думаю, што яно й не трэба, бо сама па сабе таямніца заўсёды вышэй за яе разгадку. Але «таямнічых» матэрыялаў набралася багата, шкада было іх губляць, таямніца вярэдзіла, таму я вырашыў разгадаць яе ў тым свеце, у які перайшоў Купала са свету гэтага, і дзе нічога іншага для нас, апроч таямніцы, няма. 

Яшчэ адным штуршком для напісання аповесці «На крыжы» стала тое, што мне заўсёды не хапала чалавечага маштабу, у якім традыцыйна падаецца Купала. Скажам, калі прачытаць кнігу ўспамінаў пра яго «Такі ён быў», дык адказу на тое, які ён быў? — там ніякага. Там увогуле няма чалавека, паэта. І я вырашыў маштаб павялічыць, каб чалавека Івана Луцэвіча, паэта Янку Купалу ўбачыць насамрэч такім, якім ён быў.

Аповесць пачынаецца з дня гібелі Купалы, з ягонага пахавання, на якое ён сам прыходзіць з Крамля пасля сустрэчы са Сталіным — і час ад часу сюжэт аповесці вяртае Купалу з ягонай смерці ў ягонае жыццё…

Image 6031

Крыж быў цяжкі. Васьміканцовы, несці яго было нязручна. Палкоўнік Несцярэнка, убачыўшы, што Купала ніяк не можа прыладзіцца паміж вялікай папярэчынай і падножжам, спытаў: «Вы праваслаўны?..» — і пачуўшы «не», падножжа, а заадно й малую папярэчыну, таблічку адарваў, але ўсё адно крыж было ледзь падняць. «Свае крыжы ва ўсіх цяжкія, гэта чужыя лёгкія, — сказаў святы Серафім, падабраўшы таблічку з падножжам. — А грахі наадварот…»

Пайшлі ўздоўж паўднёвай сцяны Данскога манастыра, што падзяляла Данскія могілкі на Старыя і Новыя. Паперадзе Сталін, Тухачэўскі і Кашкадамаў, следам Купала з крыжам, за ім святы Серафім і святая Ганна, Горкі, Маякоўскі, Куйбышаў, Кіраў, Коган, усе, каго тройка прыгаварыла да расстрэлу, а ўжо далей — працэсія нябожчыкаў, нехта з якіх выходзіў з крэматорыя, нехта з калумбарыя, а хтосьці, як дачка Пушкіна Марыя, падымаўся з магілы: «Хто гэта з крыжам? Збаўца?..»

Была ясная, зорная, месячная ноч. За манастырскай сцяной мігцелі крыжы Вялікага і Малога сабораў, у бок якіх Кашкадамаў ткнуў пальцам: «Мы зруйнуем іх, на гэтых могілках будзе новае жыццё!» — і Купала ўспомніў апошнія словы патрыярха Ціхана: «Ноч будзе цёмная, доўгая, доў-га-я…»

Тут, у Малым саборы, вясной 1925 года, на Дабравешчанне, патрыярха пахавалі. Потым нехта казаў, што чэкісты выкапалі цела і перанеслі на Нямецкія могілкі, а нехта — што спалілі ў крэматорыі. Маглі. У пачатку свайго патрыяршыства Ціхан абрынуў на савецкую ўладу анафему. «Апамятайцеся, вар’яты! Спыніце вашы крававыя расправы!.. Уладаю, дадзенаю Нам ад Бога, анафематствуем вас!..»

Анафему, між іншым, ніхто не адмяняў. Ні ў пачатку, ні ў канцы, калі пасля арышту і допытаў, на якіх яго катавалі, Ціхан, каб зратавацца, як бы пакаяўся. «Я рашуча асуджаю ўсялякі замах на Савецкую ўладу! Я Савецкай уладзе не вораг… Я зразумеў усю няпраўду і паклёпы, якім падвяргаецца Савецкая ўлада з боку яе ворагаў… Яны кажуць, быццам пры допытах чэкісты катавалі мяне электрычнасцю. Заяўляю, што гэта суцэльная хлусня і чарговы паклёп на Савецкую ўладу…»

Гэта яго не ўратавала.

«Усё тое самае… — успомніліся Купалу ягоныя допыты, ягоныя пакаянні. — Паўсюль і з усімі — усё тое самае…»

— Пілат таксама не хацеў караць Хрыста, — казаў цяпер патрыярх, стоячы каля Малога сабора і гледзячы праз парушаную браму на «хросны ход», на крыжовы шлях Купалы. — Гэтага патрабавалі абставіны. І не толькі пасады вялікага князя ці рымскага намесніка. Да гэтага змушала ідэя, носьбітамі якой яны былі. Ідэя, якая большая за любога чалавека. Бо сам чалавек, хай самы найвялікі, што?.. Толькі чалавек. Пілат пасля ўтапіцца хацеў, але вада, якой рукі ён вымыў, не прыняла яго… — Вось і таварыш Сталін, — падышоў патрыярх бліжэй да парушанай брамы…

— Досыць! — зірнуўшы на Сталіна, які насуплена маўчаў, павярнуўся да Несцярэнкі Тухачэўскі. — Выконвайце абавязкі, палкоўнік! — І Несцярэнка ступіў да Купалы: «Гэта тут. Кладзіце крыж і самі кладзіцеся».

Купала паклаў крыж. Лёг на яго спінай, раскінуўшы рукі і заціснуўшы медальён у левай, каб бліжэй да сэрца, руцэ. Над ім плыў месяц і роіліся зоркі…

На трэці дзень па смерці ён адчуў сябе шчаслівым. Такім шчаслівым, як аднойчы ў Прудзішчы, куды перабраліся бацькі з Сеніцы, калі было яму гадоў дзевяць. У пойме рэчкі Вячы выкасілі яны з бацькам і парабкам Пясьляком лугавіну, высушылі сена, пад вечар другога дня склалі стог на ўзлеску, ён ускаракаўся на верх, лёг вачамі ў неба і слухаў Пясьляка, які сядзеў пад стогам і распавядаў яму казку.

«Жыў-быў хлопчык Ян, над панамі пан, і даў яму Бог…»

«Як гэта над панамі пан?»

«Ніяк. Гэта так, для складу. І даў яму Бог талент…»

«Што даў? Талер?..»

Парабак Пясьляк гаваркі быў чалавек. Бацька, калі распавядаў нешта, казаў: «Слухай і маўчы!» А з Пясьляком можна было размаўляць. Ён сам прыдумляў свае казкі, і калі тым, хто слухаў, штосьці не падабалася, тут жа распавядаў іначай. Ці прапаноўваў разам прыдумаць нешта іншае.

«Талент даў. Гэта здольнасць да нечага. Маляваць, штукі ўсялякія паказваць. А Ян меў талент на жалейцы граць ды песні складаць, якія ўслаўлялі Бога. І гэтак ён файна граў і такія пявучыя песні складаў, што анёлы Божыя прыляталі, каб яго паслухаць. А д’яблавыя анёлы…»

«Якія?..»

«Д’яблавыя. Ты думаеш, толькі Божыя анёлы ёсць? Не, ёсць і д’яблавыя. Д’ябал сам анёлам быў, пакуль Бог яго з нябёсаў у пекла не скінуў».

«За што?»

«За тое, што чалавеку, стварэнню Божаму, не захацеў пакланіцца. Прызнаць вышэйшым над сабой».

«А ў Святым пісанні я чытаў, што скінуў, бо той анёл, Сатана, захацеў быць роўным Богу. Там так напісана».

Пасьляк шморгнуў незадаволена:

«Чаго ж пытаеш, калі чытаў?.. Хітры такі. Ну, напісана й напісана. Там свая казка, а я табе сваю расказваю… Дык вось д’яблавыя анёлы, чэрці, сталі Яна падгаворваць, каб ён для іх граў і спяваў. Сатану ўслаўляў. Абяцалі горы залатыя. Спакушалі: «Сыграй нам — і будзе табе пернік. Саспявай — і будзе цукерка. А Бог, якога ты ўслаўляеш, што табе дае?..

Бог не даваў ні пернікаў, ні цукерак, і пачаў Ян граць для чарцей. Спачатку паціху, пасля ўсё гучней. Спяваў з імі, скакаў, весяліў. Сам весяліўся».

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Уладзімір Някляеў


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →