14.12.2018
пятница

Фельетон

Чырвоныя, як ракі, у небаракаў ср…кі

Чырвоныя, як ракі, у небаракаў ср…кі

На відэа, змешчаным у сацыяльных сетках, жанчына-брыгадзір будаўнічага ўпраўлення №107 прадпрыемства «Гомельпрамбуд» прымушае падначаленых рабочых нахіляцца і лупцуе іх дзягай па азадках. Пры гэтым крые іх адборнымі мацюкамі.

Добра знаем мы: без дысцыпліны
Будзе ў справе поўны кавардак.
Гэта тычыць цэлае краіны,
І ў любой суполцы гэта так.


Дысцыпліна трэба на будоўлі,
Можа быць, у першую чаргу.
Без дубіны,
Без харошай доўбні
Я ўявіць будоўлю не магу.
А яшчэ засведчыць я гатовы,
Што, на жаль, яны, будаўнікі,
Успрымаць не хочуць проста словы —
Разумеюць толькі мацюкі.
Тут яны, прызнацца, рэкардсмены,
Разаб’юць сапернікаў ушчэнт,
Быццам мацюкі мацуюць сцены
Лепш, чым самы якасны цэмент.
Добра ўсведамляла, пэўна, гэта
(Ды яно, прынамсі, і не ўздзіў)
Валявая, бойкая кабета,
А яшчэ ў прыдачу брыгадзір.
І таму для членаў калектыву,
Так сказаць, наладзіла тэрор.
Біла ўсіх яна
У хвост і ў грыву —
Бескарысным бачыўся дакор.
Колісь папулярнасць мелі плёткі,
І былі ва ўжытку бізуны.
Неблагія сродкі,
Але ўсё-ткі
Непедагагічныя яны.
А была памочніцаю дзяга,
Ёю мы выхоўваем дзяцей.
Дзяга адпрацоўвала няблага,
Часам прабірала да касцей!
Быццам у турме, у брыгадзіра
Быў як след наладжаны працэс,
І на экзекуцыю вадзіла
Тых, хто на будоўлі ў шкоду ўлез.
Муляр, скажам, блокі ці цагліны
Крывавата выклаў дзе-нідзе.
Дык яго
Пад жарты і пад кпіны
У вагончык свой яна вядзе.
Потым дыспазіцыя такая:
Да калень спускае ён штаны,
Моўчкі экзекуцыю чакае,
Стаўшы ракам — тварам да сцяны.
Вінавата лыпае вачыма,
Як перад памешчыцай халоп,
І супраціўляцца немагчыма —
Муляр жа папраўдзе бракароб.
Дзягаю па голаму азадку
Раз кабета вутне, і другі…
Бракаробу сорамна спачатку,
Бо на ср…цы будуць пісагі,
А затым такое сада-маза,
Мусібыць, становіцца ўспадоб,
І дадаць звыш нормы іншым разам
Просіць брыгадзіра бракароб.
Пэўна, ім і праўда даспадобы,
Што адлупцаваныя яны,
А інакш не джгалі б бракаробы
У вагончык, быццам бараны.
Зрэшты, некаторым небаракам
(А магчыма, іх даволі шмат)
Неахвота, стаўшы ў «позу ракам»,
Атрымоўваць выспятак пад зад.
Толькі ў брыгадзіра дзейсны вельмі
Сродак ёсць на выпадак такі:
Наганяюць страх на служкаў кельмы
З вуснаў брыгадзіра мацюкі,
Бо калі іх чуеш ад жанчыны,
Маюць мацюкі
Эфект трайны,
Роўненька кладуцца, як цагліны
У сцяну харошую, яны.
І пасля такой ганебнай позы
Муляры (таксама й маляры),
Бітыя, як сідаравы козы,
Нормы выдавалі дзве ці тры.
Хай, як ракі,
Чырванеюць ср…кі,
Мацюкі
Прабачым даме мы.
Важна, каб не хліпкія баракі
Мелі,
А трывалыя дамы.
* * *
Во жанчына!
Гром, як кажуць, баба!
І калі кагосьці там замест
Працавацьме ў якасці прараба,
Ракам, мусіць, стане цэлы трэст!
Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Улада ў нас не гламазда, з народам жа — зусім бяда…

Рацыён багаты маюць ільвяняты

Віртуальныя забавы могуць мець зыход цікавы…

Прадпісанні выканкам дасылае мерцвякам


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →