22.08.2019
четверг

Фельетон

Замест сабакі слыннай масці махляр сумеў свінню падкласці

Замест сабакі слыннай масці махляр сумеў свінню падкласці

Супраць індывідуальнага прадпрымальніка са Смаргонскага раёна ўзбуджана крымінальная справа за махлярства. Ён разводзіў і прадаваў пародзістых сабак. Аднак калі шчанюкі вырасталі, дык з «каўказскіх аўчарак» атрымліваліся… звычайныя дварнякі.

Каб жыць на свеце без дакук,
Каб чарку мець і скварку,
Рашыў надоечы дзяцюк
Завесці гаспадарку:

Курэй, карову, парасят,
Былі ў яго і пчолы.
Ля хаты — агарод і сад.
Ну, словам, меў ён вельмі шмат
Маёмасці, жывёлы.
Яму падказвала нутро:
У тых, хто не мадзее,
Імкнуцца грошы і дабро
Сцягнуць-забраць зладзеі.
І не ўратуе ад бяды,
Бадай, замок ніякі.
Найлепш ахоўвалі заўжды
Дабро людзей сабакі.
Як нехта лезе цераз плот,
Намер займеўшы брыдкі,
Сабака возьме ў абарот
І пакусае лыткі,
Штаны з нягодніка сарве,
Грызне яшчэ і ср…ку.
Саспела думка ў галаве,
Што трэ купіць сабаку,
Каб службу нёс, як той салдат,
Ахоўваў гаспадарку.
І варта мець, на добры лад,
Каўказскую аўчарку.
Знайшоў патрэбныя радкі
У Сетцы, як заўсёды,
Што прадаюцца шчанюкі
Якраз такой пароды.
Сабе выпісваў маладзён
Вышэйшую адзнаку.
«Наконт сабак, — хваліўся ён, —
Як кажуць, з’еў сабаку.
Ніхто мяне не папракне:
Сабакі — лепшай масці!
Аўчарку купіце ў мяне —
Вам будзе, людзі, шчасце!»
Дыханне спёрла ў дзецюка
Ад гэтакай рэкламы.
Купіў (не танна!) шчанюка
І быў шчаслівы самы.
Як на дражджах сабака рос —
Няхай трымцяць зладзеі!
Ды ўсё пайшло наперакос
І выцвілі надзеі.
Хоць і ад’еўся, як гара,
І шмат ад цюцькі звягі,
Ды ад насельнікаў двара,
Як кажуць, нуль увагі.
Чужы падыдзе да дзвярэй —
Аблаяць не гатовы.
А потым — і яшчэ мудрэй:
Пачаў шугацца ад курэй,
Тым болей ад каровы.
Дапетрыў гаспадар-бядак
Праз час даволі хуткі:
«То ж не аўчарка, а дварняк
На ланцугу ля будкі.
Мне той махляр падклаў свінню —
Не пабаяўся Бога.
З двара, напэўна, праганю
Такога вартавога,
Бо вартавому грош цана, —
Нарэшце ясна стала, —
Карміў бы лепей кабана,
Дык меў бы мяса-сала…»
* * *
Ці ж гэта гора ў дзецюка?
Мужык на поўдні недзе
Купіў на рынку хамяка,
А ўзгадаваў мядзведзя!

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

А хто ж дабіўся перамогі, як «морды білі» педагогі?

Годная ідэя, як падужаць «змея»

Дэпутацкай працы плён — адмысловы самагон

Крамы «сэканд-хэнд» — шкодны элемент


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →