29.02.2020
суббота

Фельетон

Гэта мэта райсавета: каб была адна газета

Гэта мэта райсавета: каб была адна газета

У эканамічны суд Брэсцкай вобласці звярнулася прыватнае прадпрыемства «Медыя-Ганцавічы», бо Ганцавіцкі райсавет адмовіўся акрэдытаваць супрацоўнікаў недзяржаўнай рэгіянальнай газеты «Ганцавіцкі час». Сваё рашэнне чыноўнікі абгрунтавалі тым, што ў раёне ўжо ёсць адзін сродак масавай інфармацыі, які заснаваў мясцовы райвыканкам, — газета «Савецкае Палессе».

Калі б дзяржаўныя газеты
Чыталі мы і больш — ні-ні,
Лічылі б: лад дзяржаўны гэты —
Цудоўны ўзор для ўсёй планеты,
А ўлада ў нас — на вышыні!
Заўжды глыталі б мы навіны,
Штодня ўжывалі б мы дурман,
Што ў эканомікі краіны
Выдатны, а не дрэнны стан;
Што шчасце п’ём мы з поўнай чашы,
Што ўсім давольны я і вы,
Бо дэмакратыя
І нашы
Не парушаюцца правы;
Жыве народ і не хварэе,
Бо Бацька мудры, як сава!
У нас Паўночная Карэя
Была б, хаця і нумар два.
Ды, дзякуй богу, у краіне
І іншыя газеты ёсць.
І іх не купіш на мякіне,
Не кінеш, як сабаку, косць.
«За вусы тузаюць» куміра,
Скубуць чыноўнікаў як след…
Аднак, сябры, прызнаем шчыра:
Зусім няшмат такіх газет.
Таму патрэбна ўзяць за мэту,
Каб выглядала як закон,
Што недзяржаўную газету
Павінны мець любы раён —
Няхай віжуе пільным вокам.
Ды ў нас усё наадварот:
«Пісакам», што жывуць пад бокам,
Улада затыкае рот,
А трэба — караю агрэе
«Пісаку», што ступіў за край…
Сваю «Паўночную Карэю»
Стварыць надумалі, бадай,
У межах аднаго раёна
І з Ганцавіч кіраўнікі.
Лічылі, што ўпадзе карона,
Калі іх «шчаўкапёр» які
На ўвесь раён пакрытыкуе,
Напіша раптам што не след,
Дасць справаздачу не такую,
Што хоча бачыць райсавет.
У тым нямашака сакрэту,
Каго баяліся чыны:
Апазіцыйную газету
Узненавідзелі яны.
Дый райсавет дапяць не можа,
Навошта ўвогуле яна
(Тым больш што ставіцца варожа),
Калі ўжо маецца адна.
Для чытачоў газета тая —
Нібы акно ў вялікі свет,
І ўвесь раён яе чытае!
(Так, зрэшты, лічыць райсавет.)
Газета правільна напіша
Пра райсавет, райвыканкам,
І панавацьмуць гладзь ды ціша,
Не распачнецца шум і гам.
Раёнка надрукуе зводкі,
Апіша бітву за ўраджай.
(Прызнацца шчыра, сумна ўсё-ткі —
Усім абрыдла. І няхай!)
Падкажа сейбітам мясцовым,
Як выграбаць-вывозіць гной,
Як сеяць рапс і жыта…
Словам,
Газеты ўдостатку адной!
Таму не ўздзіў, што дэпутаты
(Начальства) вырашылі так:
К сабе на выстрал, што з гарматы,
Не падпускаць «чужых пісак»!
* * *
Хвала і слава райсавету!
Яго ідэю разгарну:
Дык нам удостатку газету
Для ўсёй краіны мець адну!
Не наракацьмуць нашы людзі,
Бо ёсць, на шчасце, Інтэрнэт.
Ніхто чытаць яе не будзе,
Ды сходзяць людзі ў туалет.

Алесь Няўвесь

Чытайце таксама ў рубрыцы «Фельетон»:

Патрымаеш чысты ліст — ты амаль што экстрэміст

Замест сабакі слыннай масці махляр сумеў свінню падкласці

А хто ж дабіўся перамогі, як «морды білі» педагогі?

Годная ідэя, як падужаць «змея»



Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →