22.06.2018
пятница

Пункт гледжання

Зайграная кружэлка

Зайграная кружэлка

Няма нічога больш нуднага, як слухаць зайграныя кружэлкі, што сіпяць, шаргацяць, патрэскваюць, заглушаючы чароўную мелодыю або голас. У маленстве даводзілася слухаць такое, пасляваенны быт быў аскетычным, карысталіся тым нямногім, што захавалася ці пашчасціла набыць. 

У сціплым сямейным прытулку пры школе, бо бацькі-настаўнікі ўласнага жылля не мелі, былі тры рэчы, якія надта падабаліся: кнігі, глобус і старэнькі патэфон з абмежаваным наборам зайграных «да дзірак» кружэлак. Чытаць я навучыўся рана, і гэта стала любімым заняткам праз усё жыццё. Шмат часу бавіў каля глобуса, які даваў штуршок смелым, фантастычным марам, дазваляў вандраваць па свеце, не сыходзячы з табурэціка, змайстраванага рукамі бацькі. А патэфон знімалі з паліцы і заводзілі зрэдку, па святах. Хоць сёння з вышыні пражытых гадоў я добра разумею, што мае бацькі былі тады зусім маладымі, ім, мабыць, хацелася часцей наладжваць з сябрамі застоллі, танцы, весяліцца.

Старэйшым у сям’і дзецям падабаліся настаўніцкія вечарынкі, бо мы па чарзе дзяжурылі ля патэфона, мянялі кружэлкі і ганарыліся адказным заданнем.

Мне помняцца шчаслівыя абліччы тых, хто жывым вярнуўся з бязлітаснага крывавага фронту, з партызанскіх лясных зямлянак і смяротных ціскоў фашысцкіх блакад, з небяспечнага падполля. Яны тады не гналіся за матэрыяльным багаццем, былі задаволены тым, што ёсць. У перыяд пасляваеннага татальнага дэфіцыту вялікай падзеяй было справіць цывільны ўбор. Божа мой, слёзы набягаюць на вочы, калі згадваю, з якой шчырай радасцю, разняволена кружылася пад гукі патэфона мая маладая мама ў новай крэпдэшынавай сукенцы...

Слаўнае, рамантычнае, блізкае майму сэрцу пакаленне, якое агорала такую жудасную, знясільваючую вайну! З цягам часу пад дыктоўку міфалагічнай савецкай прапаганды некаторыя з яго шэрагаў пачалі перабольшваць уласныя рэальныя заслугі, нешта падмалёўваць, але ўсё роўна яны былі і застануцца для мяне героямі...

Новы час дыктуе не толькі новыя песні, але і іншыя спосабы іх данясення да слухачоў. Следам за грамафонамі, патэфонамі, радыёламі сышлі ў гісторыю магнітафоны. Іх замянілі музычныя цэнтры, кампутары і кампактдыскі. А тыя кружэлкі, якія я клаў на дыск патэфона, выпускаліся тады падмаскоўным Апрэлеўскім заводам, заснаваным яшчэ ў 1910 годзе. У архіве сям’і ляжыць набор яго вытворчасці з рознымі запісамі, у асноўным класічнай музыкі. Гэта быў буйнейшы савецкі манапаліст па вытворчасці кружэлак. У 1991 годзе ён адштампаваў іх ажно 33 мільёны штук. Апошняя партыя была датавана 1997 годам. Цяпер тут вырабляюць шкарпэткі, пластмасу, бланкі для здачы адзінага дзяржаўнага экзамена.

Я нездарма доўга расказваю пра мінулае, бо яно дапамагае больш выразна і метафарычна высвеціць малюнкі сённяшняга дня. Ніколі не думаў, што і ў старасці давядзецца слухаць ушчэнт зайграную, дэфектыўную кружэлку. Прытым успаміны пра даўні патэфон агортваюць душу святлом і цяплом, шчымлівай настальгіяй, а тэлевізійны, сотні разоў чуты «хіт» аднаго і таго ж выканаўцы выклікае вострую аскоміну і непрыняцце.

У 2016 годзе, разглядаючы заблытаную сітуацыю ў сферы жыллёва-камунальных паслуг, А. Лукашэнка заявіў: «Значит, наденьте наручники тем, кто не выполнил доведенные по моему распоряжению тарифы. Наденьте и публично посадите десяток-другой человек. Все станет на свои места». Падобныя пагрозы рэгулярна гучалі і раней.

Але ці стала ўсё «на свае месцы» або хоць бы зрушылася? Ні ў якім разе! Тыя, каму было абяцана, што яны «понесут за это ответственность», зноў падлічваюць памеры аплаты за розныя паслугі і ніяк не могуць дамагчыся толку. Гэта ўжо трэці заход! А задача пастаўлена такая: «Посчитаем тарифы», «чтобы не жировали».

Кіраўнік краіны наладзіў нядаўна два эмацыйных «тэатральных прадстаўленні» па тарыфах ЖКГ — для дыпламатаў і для народа, дэманструючы нібыта вялікую ўвагу да жыцця грамадзян. Але за гэтым бачыцца элементарнае — няхватка ў бюджэце грошай. А калі закрануць тэму ўвагі ўлады да народа, то шакіруе павучанне кіраўніка, што павышаць тарыфы трэба тады, калі людзі меней плацяць — летам. Які «вытанчаны і далікатны» цынізм пад выглядам клопату!

Слабая, нерэфармаваная эканоміка прымушае Беларусь стаяць з працягнутай рукой перад усім светам, у тым ліку і МВФ, і прасіць пазыкі. Але міжнародны фонд не прымушае аўтарытарны рэжым абдзіраць насельніцтва да апошняй ніткі праз аплату жыллёва-камунальных паслуг, як гэта рэгулярна робіцца метадам розных пабораў і штрафаў. Доктар эканамічных навук, былы кіраўнік Нацбанка С. Багданкевіч прааналізаваў рэальныя патрабаванні: «Прежде всего МВФ рекомендует официальному Минску реформировать сектор госпредприятий, чтобы наши заводы не выпускали продукцию на склад, а стали конкурентоспособными. Предлагается отключить их от госпрограмм, и предприятия, которые не смогут существовать самостоятельно, должны быть либо ликвидированы, либо реструктуризированы. Также речь идет и о приватизации госпредприятий и поддержке безработных. Главным показателем выполненной работы станет рост добавочной стоимости, рост рентабельности предприятий. Это все надо закладывать в программу и под это получать кредит МВФ. А получать деньги для поддержки статус-кво, проедать их — такой кредит нам не нужен. Но МВФ и не собирается давать Беларуси кредит под статус-кво».

Улады ўсіх краін у перыяд няўстойлівага развіцця стараюцца захоўваць патрэбныя «нажніцы» ў суадносінах зарплат і пенсій з аднаго боку і тарыфаў, коштаў на харч, тавары і лекі — з другога, каб насельніцтва не ператварылася ў жабракоў. Мне давялося назіраць гэта ў свой час у былой Югаславіі, у Польшчы. У нас жа «дояць» кішэні працаўнікоў і пенсіянераў бязлітасна!

Які пласт насельніцтва можа адужаць жыллёва-камунальныя тарыфы, што забяспечаць самаакупнасць галіны, з яе сённяшнім драпежным апетытам? Думаю, толькі кіраўнічы клан, сілавікі, прыўладныя бізнесоўцы і частка звычайных прадпрымальнікаў. А што рабіць астатнім 70% людзей? У выпадку аплаты паслуг ЖКГ па поўнай праграме яны непазбежна сядуць на галодны паёк, застануцца без вопраткі і абутку, без лекаў.

Насельніцтва не патрабуе ад улады і ад камунальнікаў нечага незвычайнага. Яно даўно хоча мець празрысты адбітак сітуацыі, праўдзівыя лічбы па тарыфах. Для гэтага вышэйшай матэматыкі не трэба, дастаткова арыфметыкі за чацвёрты клас! Гледзячы на зацягнутую бюракратычную жыллёва-камунальную мітусню пад кіраўніцтвам прэзідэнта, само сабой нараджаецца пытанне: ці вучыліся наогул гэтыя спецыялісты ў школе?

Людзі не такія дурныя, як некаму здаецца, ва ўсім разбяруцца самі, у тым ліку з інфляцыяй і індэксацыяй. Але тады для ЖКГ скончыцца даўняя лафа, нельга будзе займацца прыпіскамі, абдзіралаўкай. Чакае высвятлення і яшчэ многае: патрачаныя калорыі на цяпло, на падагрэў вады, якія пастаянна выстаўляюцца «ад балды»…

Даўно пара мяняць зайграную, сіпатую кружэлку, з якой гучыць пастаянны матыў: «Именем революции!» Трэба жыць і працаваць, ведаючы праўду. Але беларусы пад уплывам страху аформіліся ў племя закончаных мазахістаў. Яны бурчаць, абураюцца, плююцца ды падстаўляюць вушы і слухаюць, слухаюць…

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Чаму змоўклі саветы?

Маштабны землятрус

Дым без агню

Безвыніковы канвеер


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →