25.09.2018
вторник

Пункт гледжання

Шэрая зона

Шэрая зона

Займаючыся пасля распаду СССР элементарным выжываннем ва ўмовах матэрыяльнай і фінансавай нястачы, мала звяртаючы ўвагу на грамадскае жыццё, беларусы і не заўважылі, як трапілі ў шэрую зону паміж дабром і злом, якая надта нагадвае лагерную.

Добра вядома, што за калючым дротам існуюць нормы паводзін і звычаі, што адрозніваюцца ад жыцця на свабодзе. Напрыклад, у гітлераўскіх і сталінскіх канцлагерах спрацоўвала галоўнае правіла: «Не высоўвайся. Не прыцягвай да сябе ўвагі. Трымайся ў сярэдзіне строю і апускай галаву. Тады бяда абыдзе цябе».

Шэрая зона, якая ўзнікае пры панаванні аўтарытарызму, таксама прымушае людзей паводзіць сябе адпаведным чынам. У ёй адразу размываюцца крытэрыі дабра і зла, праўды і няпраўды... Сітуацыя становіцца хісткай, таму чалавеку трэба жыць двайным жыццём: унутры — для сябе, а знешне — на ўладу і на публіку, лавіраваць, хітрыць, выкручвацца, што разбурае душу, выпальвае сумленне. Я даўно зрабіў выснову: пабудаваць гарманічныя, справядлівыя стасункі ў грамадстве, якое знаходзіцца пад пятой аўтарытарнага гвалту, немагчыма. З моманту ўзурпацыі ўлады краіна з такой сістэмай хоць пэўны час існуе, але няўхільна сунецца да краху. Адвакацкія апраўданні з боку заангажаваных палітолагаў і экспертаў рэакцыйных рэжымаў не вытрымліваюць крытыкі. Як сведчыць гісторыя, фінал кожнай дыктатуры і аўтакратыі драматычны або трагічны — і для правіцеля, і для народа.

Людзі ў шэрай зоне — несвабодныя. У першую чаргу яны баяцца страціць нешта з таго, што яшчэ пакуль маюць. Напрыклад, працу, а з ёй і сродкі для жыцця. У дадатак несвабода нараджаецца з негатыўных рэалій: законы дзейнічаюць выбарачна — асобна для «сваіх» і для «чужых», суды не становяцца на бок праўды, пратэстныя пікеты і маніфестацыі жорстка разганяюцца, смелыя, актыўныя людзі не вылазяць са штрафаў і адсідак у турмах.

У шэрай зоне папулярнасцю карыстаецца не чалавечая годнасць, а абстрактны гонар, які нагнятаецца ўладай і афіцыйнымі СМІ. Шчыра сказаў пра гэта расійскі акцёр Л. Ярмольнік: «Думаю, утрата таких понятий, как «мораль», «честь», вкупе с квасным патриотизмом делает людей поверхностными, а нашу жизнь превращает в какие-то комиксы. Есть картинки жизни, но за ними нет глубины, содержания. Политика, массовая культура, СМИ превращают людей в быдло. Я думаю, мы наблюдаем сегодня тотальное обездаривание нации». Гэтая драматычная праблема тычыцца як расіян, так і беларусаў.

Акрамя таго, у людзей кардынальна змянілася ўспрыняцце свету, які, нягледзячы на асобныя трагічныя здарэнні, раней здаваўся непарушным, прыгожым і светлым, а цяпер выклікае душэўную трывогу і маральнае атупенне. Плынь разнастайнай інфармацыі, якая за апошнія гады вырасла ў геаметрычнай прагрэсіі, захліствае, прыціскае чалавека, ён абыякава рэагуе на тое, што побач людзі варагуюць, ненавідзяць і забіваюць адзін другога, што падаюць самалёты і сыходзяць з рэек цягнікі, што мільёны зямлян не маюць прытулку і галадаюць.

Ва ўсім свеце становіцца намнога менш чалавечнасці, сардэчнасці і спачування, а ў шэрай зоне гэты працэс выяўляецца яшчэ больш прыкметна. Я балюча ўспрымаю тое, што многія з нас страчваюць здольнасць суперажываць, прабачыць, пакаяцца, задумацца пра ўласны лёс і важныя агульначалавечыя праблемы. Мы маўкліва замыкаемся ў сваім куточку, рашаем пераважна бытавыя праблемы і спадзяемся, што маштабныя зрушэнні, якія адбываюцца ў свеце, нас не зачэпяць. Але гэта марная надзея.

Шэрая зона мае спецыфічныя сродкі масавай інфармацыі. З мясцовага блакітнага экрана сыходзяць прапагандысцкія перадачы пра тое, як кепска жывецца краінам, насельніцтва якіх не мірыцца з аўтарытарным гвалтам, смела і мужна змагаецца за дэмакратыю. Асаблівым нападкам падвяргаецца Украіна, бо яе драматычны прыклад з аднаго боку дапамагае беларускаму рэжыму запалохваць малаадукаваны пласт насельніцтва, а з другога — ён натхняе дасведчаную, актыўную і смелую частку грамадства на барацьбу за лепшае жыццё.

Побач з прымітыўным і брудным палітычным эрзацам стаяць жудасныя гісторыі пра п’яныя і наркатычныя разборкі на самым дне сучаснага жыцця. Часта ўзнікае ўражанне, што многія журналісты спецыяльна смакуюць неверагодную жорсткасць, садызм, лютую нянавісць людзей, у тым ліку і родных, блізкіх. Зразумела, гэтыя жахлівыя малюнкі з’яўляюцца часткай агульнай сістэмы запалохвання насельніцтва, падаўлення яго свядомасці і ініцыятыўнасці.

У многіх людзей, нягледзячы на інтэрнэт, які кардынальна змяніў светаўладкаванне і з вялікай тэхналагічнай падзеі даўно стаў будзённасцю, адзінай крыніцай інфармацыі застаецца тэлевізар. А з яго дыхае нянавісць, там акапаліся «людзі вайны». Папулярны спявак Ю. Шаўчук з гэтай прычыны пажартаваў: «Если тратить время и впитывать негатив, это чревато разводом с женой и полной потерей контакта с соседями по лестничной площадке».

Вывучаючы сацыяльныя пытанні ў Даніі, Швейцарыі, Францыі, Германіі, я з прыемнасцю заўважаў, як дзяржава і яе законы з павагай ставяцца да людзей і скіраваны на тое, каб зрабіць жыццё звычайнага грамадзяніна годным, культурным і камфортным. А ці мае каштоўнасць асоба чалавека ў нашай краіне? Нягледзячы на прапагандысцкае, агульнае ўслаўленне народа з трыбун і ў СМІ, улада, як рабілася і раней, на практыцы выказвае абсалютную абыякавасць, грэблівасць да канкрэтнага чалавека, не раіцца з ім. Калі б гэта было не так, то ў нас праводзіліся б сумленныя выбары і рэферэндумы, а кіраўнік краіны галаслоўна, без вывучэння грамадскай думкі не спіхваў бы адказнасць за ўласныя рашэнні і дзеянні на народ, бо «он так хочет».

Вялікае значэнне для годнага развіцця краіны мае аўтарытэт улады. Так было заўсёды. Калі ва ўладзе знаходзяцца сумленныя, адукаваныя і культурныя людзі, то насельніцтва іх паважае, бярэ прыклад, само хоча быць такім жа. А на каго цяпер можна раўняцца у Беларусі? На асобаў, якія публічна выстаўляюць сябе невукамі, карыстаюцца лексікай крымінальнікаў, валодаюць толькі арыфметыкай, каб падлічваць накрадзеныя грошы?

Выйсці з шэрай зоны на бок дабра няпроста. Значна прасцей з большасцю скаціцца разам у прорву зла. Каб такое не здарылася, кожны чалавек павінен мець унутраны маральны стрыжань, разумець сябе і сваё месца ў складаным, няўстойлівым свеце.

Слушна кажа пра гэта расійскі кінарэжысёр У. Грамацікаў: «Человеческое достоинство — это очень важно. Каждый человек может попасть в очень сложные жизненные ситуации, с каждым может случиться беда и несчастье, но все это нужно переносить достойно, нужно стараться быть человеком. Не превращаться в животное, агрессивного мерзавца. Потому что о человеческом достоинстве негде говорить, нет среды: в семьях не успевают, в школе как-то забыли».

Калі пытаешся ў знявераных людзей, чаму яны згаджаюцца з несправядлівасцю і здзекам, чаму апускаюць рукі, то ў адказ чуецца: «Такія цяпер абставіны, а мы нічога не можам зрабіць».

Безумоўна, шэрая зона можа зняважыць, растаптаць, знішчыць нават самага сумленнага, высакароднага і прынцыповага чалавека. Але гэта не вызваляе нас ад адказнасці за захаванне годнасці і маральнай чысціні беларускага роду і Айчыны.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Надуманае змаганне

На крывой казе

Зайграная кружэлка

Чаму змоўклі саветы?


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →