18.01.2018
четверг

Пункт гледжання

Пстрычкі і выспяткі

Пстрычкі і выспяткі

Пасля распаду савецкай імперыі мінула чвэрць стагоддзя. Народам, якія будуюць суверэнныя дзяржавы, трэба было б азірнуцца, прааналізаваць набыткі і памылкі, каб мець праўдзівую ацэнку дасягнутага і скарэкціраваць наступны шлях. Але многія з іх не ў стане гэта зрабіць.

Насельніцтва краін, у якіх уладу захапілі аўтакраты, пазбаўлена магчымасці абмяркоўваць важныя дзяржаўныя праблемы, уплываць на ўнутраную і знешнюю палітыку. Яно, моцна прыдушанае адміністратыўным рэсурсам, запалоханае дубінкамі, аўтазакамі, судамі і турмамі, стала абыякавым да грамадскага жыцця, да ўласнага лёсу і долі нашчадкаў.

Беларусь — паказальны прыклад такога ганебнага стану. Акрамя таго, шмат нашых грамадзян наогул не маюць гістарычнай памяці і жывуць адным днём. Іх задавальняе рабскае існаванне ў балоце сённяшняга падману, прымітыву і пошласці. З гэтай прычыны ўлада заяўляе, што ў народа няма запыту на рэформы, а таму яны і не праводзяцца.

Крыўдна, што наша гісторыя пайшла крывым шляхам, хоць былі добрыя перспектывы. 25 снежня 1991 года ЗША, другімі пасля Украіны, прызналі незалежнасць Рэспублікі Беларусь, а праз тры дні ўсталявалі з ёй дыпламатычныя стасункі. 31 сту­дзеня 1992 года ў Мінску адкрылася амбасада Амерыкі. Самая ўплывовая краіна ў свеце падала прыклад добразычлівага стаўлення да беларусаў. У ліпені 1993 года старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. Шушкевіч сустрэўся ў Вашынгтоне з прэзідэнтам ЗША Б. Клінтанам. У адказ амерыканскі лідар у 1994 годзе наведаў Мінск, памятным знакам візіту стала ўсталяваная ў Курапатах на месцы сталінскіх расстрэлаў «Лаўка Клінтана».

Плённыя стасункі з ЗША і з іншымі развітымі краінамі свету маглі б мацнець, але трагічны пераход ад парламенцкай рэспублікі да прэзідэнцкай, які знішчыў дэмакратычныя прынцыпы жыцця і прывёў да ўсталявання аўтарытарнага рэжыму, уцягнуў Беларусь у шматлікія канфлікты.

Аўтарытарнае праўленне паказала, што 23 гады чыноўнікі на вачах у грамадства парушаюць законы, займаюцца фальсіфікацыяй на выбарах, нахабна хлусяць насель­ні­ц­тву. Надакучыла бачыць, як дзеля захавання ўлады правіцель і яго служкі ўжываюць падтасоўкі, шантаж, правакацыі, гандлююць направа і налева зямельнымі кавалкамі, зброяй. Яны не спрыяюць малому і сярэдняму бізнесу, каб умацаваць эканоміку і палепшыць дабрабыт грамадства, а замест гэтага стаяць з лісліва працягнутай рукой, выпрошваюць пазыкі ў Расіі і ў міжнародных фінансавых арганізацый, прыніжаючы творчы патэнцыял, інтэлектуальныя магчымасці, годнасць нашага народа.

Унутры Беларусі нарастае бессаромная пахвальба высмактанымі з пальца «поспехамі», а незалежныя эксперты даўно адзначаюць адсутнасць нармальнага палітычнага жыцця, разгул карупцыі, крадзяжы бюджэтных грошай, дэградацыю экана­мічнага і сацыяльнага развіцця. Абрыдла глядзець, як за парушэнне нормаў міжнароднага жыцця, за ўціск правоў і свабод, за рэпрэсіі супраць іншадумцаў афіцыйны Мінск атрымлівае то лёгкія пстрычкі па носе, то балючыя выспяткі па мяккім месцы.

Асаблівым нахабствам і цынізмам вызначыліся правіцель і яго аддрэсіраваныя камандай «Фас!» сілавікі ў 2010 годзе. У адказ на пратэсты насельніцтва супраць фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах за краты былі кінуты ўсе прэтэндэнты на вышэйшую пасаду, прайшлі масавыя арышты людзей, у тым ліку тых, хто не меў дачынення да маніфестацый. Такога здзеку над правам у сусветнай практыцы яшчэ не назіралася. Але і гэтыя злавесныя падзеі не сталі навукай для дэмакратычнай супольнасці Еўропы. Яна працягвае «танцулькі з дыктатарам».

Да рэакцыйнага рэжыму А. Лукашэнкі найбольш прынцыпова ставіцца Амерыка. У 2004 годзе Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША адзінагалосна прагаласавала за ўвя­дзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі і яе прэзідэнта асабіста. З таго часу адчувальная мера пакарання працягваецца штогод.

Супраць Беларусі ўводзіў эканамічныя або візавыя санкцыі і Еўразвяз. Але ў адрозненне ад ЗША яго паводзіны вызначаюцца непаслядоўнасцю, у чым вінавата абсалютна бесперспектыўная мэта заходніх чыноўнікаў — выцягнуць аўтарытарны рэжым з-пад уплыву Расіі, перавыхаваць у дэмакратычным кірунку. Аўтакрата лабіруе і еўрапейскі бізнес, які з яго дапамогай мае ў нашых краях значныя прыбыткі. Цяпер санкцыі Еўразвязу дзейнічаюць толькі супраць чатырох асобаў (У. Навумаў, Д. Паўлічэнка, В. Шэйман, Ю. Сівакоў), якія падазраюцца ў асабістай адказнасці за знікненне людзей. Пакінута таксама і збройнае эмбарга.

Тым не менш, нягле­дзячы на змякчэнне санкцый, на аптымізм мясцовай прапаганды, у нас няма стабільнага, спакойнага развіцця эканомікі, росту дабрабыту грама­дзян. Краіна скаланаецца спадамі ў розных сферах жыцця, нібы сейсмічны рэгіён планеты. Разумею, што многім людзям напляваць на гэта, а вось мне асабіста вельмі сорамна за нядобры імідж Беларусі, за яе бясконцае боўтанне ў дрыгве публічных папрокаў і асуджэння.

Нас падпільноўвае яшчэ адна непрыемнасць. Жорсткія санкцыі Захаду супраць Расіі (як бы ад іх ні адбрэхваліся крамлёўскія ідэолагі!) замаруджваюць яе эканамічны рост, і як вынік — наносяць удар па Беларусі, якая ў асобе ўсходняй суседкі мае ключавога гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага партнёра.

Апошнія падзеі паказваюць, што дэмакратычная супольнасць усур’ёз узялася за нахабнага агрэсара. Ён зноў спрабуе апраўдацца, заяўляючы на прэс-канферэнцыі, што «российской армии в Донбассе нет, там действуют местные формирования для самозащиты», але цана слову паталагічнага хлуса вядома свету.

Беларусь і Расія саманадзейна пераацэньваюць уласную хітрасць, свой уплыў на Захад у выглядзе пагроз і шантажу. Ніхто іх не баіцца. Не менш хісткае становішча склалася ўнутры краін, бо нарастаюць масавыя пратэсты грамадзян. Аўтакраты напалоханы актыўным удзе­лам у дэманстрацыях і маніфестацыях студэнтаў, школьнікаў.

Але насуперак здароваму сэнсу Расія згортвае ўсе ліберальныя пераўтварэнні, адмаўляецца ад гуманістычнага шляху развіцця і ставіць цемрашальскую задачу агульнай мілітарызацыі грамадства. Да яе ў агрэсіўную зграю далучаюцца іншыя аўтарытарныя краіны, што пагражае свету новай маштабнай вайной і нават планетарнай атамнай катастрофай.

Сенатар ЗША Л. Грэм, выступаючы на мяжы Грузіі з акупіраванай Расіяй Паўднёвай Асеціяй, сказаў: «2017 год будзе годам большай амерыканскай ваеннай падтрымкі, большага гандлю, большай эканамічнай інтэграцыі і большага адпору Расіі за агрэсію, прычым не толькі тут, але і ва ўсім свеце, большых санкцый. Цяпер настаў час, каб прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін ведаў: з нас хопіць!»

Да 1 лютага 2018 года амерыканскае міністэрства фінансаў з дапамогай разведкі падрыхтуе даклад «аб індывідуальных санкцыях» супраць алігархаў і чыноўнікаў, якія фінансава абслугоўваюць крамлёўскую вярхушку ўлады.

Санкцыйныя пстрычкі адыходзяць на другі план. Для аўтарытарных рэжымаў надышоў час адчувальных выспяткаў.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Песні фарысеяў

Да першага стрэлу

«Новая беднасць»

Шэрая зона


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →