23.01.2019
среда

Пункт гледжання

Цяжар знявагі

Цяжар знявагі

Чарговы этап, які прайшла Беларусь, неабходна асэнсаваць, падвесці вынікі, зрабіць карэкціроўку планаў. Але аўтарытарны рэжым не ўмее спакойна працаваць на перспектыву, для яго галоўнае — не аддаць уладу. Нават у навагоднія святочныя дні працягваецца чыноўніцкая мітусня, пошукі халяўнага выйсця з эканамічных тупікоў.

Прапаганда сцвярджае: тры чвэрці насельніцтва краіны з аптымізмам глядзіць наперад, лічыць што 2019 год стане для іх паспяховым. Але я, навучаны хлуслівым падлікам галасоў у час выбараў і рэферэндумаў, не магу верыць сацыялагічным апытанням, якія праводзіць дзяржава. Адкуль у беларусаў будзе светлы настрой, калі ў пачатку года на іх галовы заўжды абрынаюцца абрыдлая тузаніна паміж тутэйшым узурпатарам улады і крамлёўскім аўтакратам, павышэнне коштаў на тавары і харч, тарыфаў на паслугі і зніжэнне курса рубля?

Цяпер да фінансавых і гандлёвых праблем, якія надта цяжка вырашаюць Мінск і Масква, далучылася геапалітыка. Высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі адкрытым тэкстам пачалі рабіць правакацыйныя закіды, якія тычацца незалежнасці нашай краіны. Неабходнасць узмацнення ціску на Беларусь з мэтай яе далучэння актыўна абмяркоўвае ў суседняй краіне і просты люд…

Расійскі акцёр М. Яфрэмаў на вечарыне ў гонар юбілею вядомай актрысы і тэатральнага рэжысёра Г. Волчак, якую трансліраваў тэлеканал АНТ, чытаў верш з такімі радкамі:

Вернулось всё, что было главным,
В кармане фига, в книге мысль.
Вернулся Крым в родную гавань,
Теперь на очереди — Минск.

Безумоўна, на юбілейных «капусніках» гучаць жарты. Таленавіты акцёр Яфрэмаў — не цемрашал, ён такім чынам высмеяў агрэсіўную палітыку У. Пуціна. Але ўсё роўна нават ад іранічных слоў патыхнула класічнай імпершчынай, якая знаёма беларусам ажно з 1794 года.

Усім вядома, чым скончыліся расійскія «жартачкі» для Украіны, у якую складаную сітуацыю трапіў братні народ. Апошнім часам мілітарысцкае нахабства Крамля неймаверна вырасла, яго ніяк не могуць утаймаваць не толькі крытыка, але і адчувальныя санкцыі міжнароднай дэмакратычнай супольнасці.

Ваяўнічы ізгой не спыняе забіяцкія выбрыкі. У кастрычніку 2018 года ў Латвіі, калі праходзілі выбары ў парламент, адбылася расійская кібератака на сацыяльную сетку: «Товарищи латыши, это касается вас. Граница России нигде не заканчивается. Русский мир может и должен объединить всех, кому дорого русское слово и русская культура, где бы они ни жили, в России или за её пределами». Гукавы зварот быў аздоблены партрэтам У. Пуціна і дзяржаўным гімнам Расіі.

Нядаўна расійскі літаратар Д. Быкаў падзяліўся ўражаннямі: «На прошлой неделе журналистская судьба занесла меня в Беларусь. Честно скажу: никогда я не видел страну такой испуганной. Она не хочет сливаться с нами даже при условии экономических льгот, даже по крымскому сценарию, при условии вкачивания в нее огромных сумм — в которые тоже, кстати, никто не верит.

И если даже слияние России с кроткой западной соседкой, как называл ее Солженицын, станет реальностью — вполне вероятно, что и большинство россиян вместо Путина захотят увидеть президентом именно Батьку.

Думаю, этот сценарий не приходит в головы тем, кто сегодня пытается продлить путинское правление путем переформатирования Союзного государства. А зря».

Я паважаю шматпланавы талент пісьменніка, але з многімі высновамі ў аналітыцы не згодны. Па-першае, ён слабавата ведае глыбінны ўнутраны стан Беларусі, градус сацыяльнай незадаволенасці і ўзровень патрыятызму людзей, а па-другое, дарма ўзвялічвае А. Лукашэнку і прыпісвае яму заслугі ў станаўленні і абароне незалежнасці. Гэтая фігура даўно знікла б з палітычнага небасхілу, калі б не было прагматычнай дапамогі Расіі.

Што тычыцца вынікаў выбараў кіраўніка ў магчымай абноўленай Саюзнай дзяржаве, то думка Быкава слушная — задураныя прымітыўным піярам і нахабным папулізмам расіяне могуць аддаць перавагу былому саўгаснаму дырэктару. Але У. Пуцін і ўвесь расійскі ўладны клан, алігархат такога не дапусцяць. Як у тым анекдоце: «Ён то з’есць, але хто яму дасць?»

Згаджаюся з Быкавым, калі ён сцвярджае, што «гражданская война является нормальным состоянием русского общества», і тлумачыць: «это такая страна, она неправильно устроена». Для беларусаў суседства з Расіяй — асноўны галаўны боль. Задоўга да маладога калегі ў 1994 годзе ў паэме «Цівалі» я пісаў пра падобныя і адрозныя праблемы, якія справакаваны ў нас прыхаднямі з усходу і падхоплены значнай часткай саміх беларусаў:

Хоць ёсць незалежнасць,
 але і сягоння
Павагі няма да сівой даўніны.
У новых нападках
 на Сцяг,
на Пагоню
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Цярновы вянок
 не знялі з роднай мовы,
Ды зноўку яе
валакуць да сцяны.
Калі забіваюць
матуліна слова,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Да Бога расчынены
 кожнаму дзверы,
Але і ў святое ўбіваюць кліны.
У спрэчцы
 за самую «лепшую» веру
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Зямля чырванее,
калі хлусяць людзі,
Крывёй пахнуць
 мора і кропля маны.
У тэле-газетных
 распусце і брудзе
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.
………………………………………….
Мы звыклі ў цяжкую хвіліну
кідацца
На пошук чужой,
 а не ўласнай віны.
І ў тым,
 што на ўсё
 ёсць у нас апраўданне,
Мне чуецца гул грамадзянскай вайны.

Да беларусаў і расіян, якія доўга былі пад прэсам «мяккага» таталітарызму і савецкай прапаганды, цяжка даходзяць простыя ісціны. Толькі цяпер, праз чвэрць стагоддзя пасля ўсталявання новага каманднага гвалту, яны пачынаюць разумець сутнасць гэтак званай «харызматычнай» улады, яе грэблівасць да народа, загнанага страхам і дубінкамі ў рабства.

Асабіста я чым даўжэй жыву пры аўтарытарным рэжыме, тым вастрэй адчуваю, як назапашваецца, расце цяжар знявагі, каб ушчэнт раздушыць мой народ. Унутры краіны нашу нацыянальную і чалавечую годнасць штодня абражаюць уладныя манкурты, пустадомкі і боўдзілы, а звонку кідае падачку і адначасова пасміхаецца, цісне прапагандай і тысячамі іншых спосабаў Расія, якая не можа існаваць без імперскай фанабэрыі. Правільна заўважыла канцлер Германіі А. Меркель, выступаючы перад нямецкімі ваеннаслужачымі, размешчанымі ў літоўскім горадзе Рукла: «Мы бачым, што, па сутнасці, амаль усе былыя савецкія рэспублікі, якія не ўваходзяць у Еўразвяз і НАТА, сутыкаюцца з унутранымі канфліктамі, што народжаны Расіяй».

Сучасная эксплуатацыя пры аўтарытарызме нічым не лепшая за былую. Яна нават больш подлая, мярзотная і зняважлівая, бо ў кабалу да хлусаў, невукаў, жулікаў, карупцыянераў трапілі сотні тысяч людзей, якія маюць вышэйшую адукацыю, значныя дасягненні ў сваёй прафесіі і самае галоўнае — сумленне. Натуральна, што ім крыўдна і сорамна.

Зваротны бок свабоды і незалежнасці — гэта адказнасць за краіну і народ, за ўласныя сем’і. Я ўпэўнены, што ў Беларусі хопіць людзей, якія адчуваюць сорам за наш ганебны стан, каб абараніць незалежнасць і пабудаваць годнае жыццё. Трэба скінуць цяжар знявагі. Набоўталіся ў гнілым аўтарытарным балоце, годзе — пара і гонар мець!

Яшчэ аднаго шанцу здабыць незалежнасць у беларусаў не будзе.

Сяргей Законнікаў

Чытайце таксама ў рубрыцы «Пункт гледжання»:

Падтанцоўка

Галоўны рэсурс

Амерыканскія горкі

«Адвакаты» справядлівасці


Поделиться

Главные события Новости Лица Диагноз Пункт гледжання
Политика Экономика Социум Культура История Здоровье Спорт Криминал Фельетон

Вернуться на главную страницу  →

Вернуться на страницу рубрики  →